Навучальны год у нядзельнай школе Пакроўскага сабора завяршыўся серыяй паломніцкіх паездак



1 чэрвеня 1 “Б” і 2 “Б” нядзельнай школы Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна ажыццявілі сваё першае паломніцтва ў Жыровічы. Пасля літургіі ва Успенскім саборы дзеці прыклаліся да цудатворнай Жыровіцкай іконы Маці Божай, а затым для іх правялі экскурсію. Па завяршэнні экскурсіі адправіліся на крыніцу, дзе дзеці змаглі акунуцца. На шляху назад заехалі ў Сынковічы, дзе знаходзіцца храм-крэпасць архангела Міхаіла.

2 чэрвеня 1 “А” і 2 “А” адправіліся ў паломніцтва па маршруце Сынковічы – Жыровічы. У Сынковічах на экскурсіі дзяцей пазнаёмілі з гісторыяй храма і яго архітэктурнымі асаблівасцямі, пасля чаго ўсе паломнікі прыклаліся да цудатворнай іконы Багародзіцы “Усецарыца”. У Жыровічах пасля экскурсіі, у часе якой дзеці зацікавіліся ўкладам манастыра, маленькія паломнікі таксама прыклаліся да цудатворнай іконы. Актуальнай, асабліва да бацькоў, што суправаджалі дзяцей стала размова з архімандрытам Барысам. На працягу размовы архімандрыт Барыс нагадаў, што жыць трэба як мага прасцей, выкарыстоўваючы тэхнічныя навінкі толькі на добрае і выхоўваць дзяцей, абапіраючыся на традыцыі.



Сапраўдным падарункам для дзяцей стала наведванне заасаду на сядзібе Солтана. Поні, трусы, лісіцы, ваўкі, мядзведзі, страусы і многія іншыя жывёлы выклікалі найвялікшае захапленне. Бо іх жа можна было не толькі ўбачыць, але пагладзіць і пакарміць. Апошнім пунктам паломніцтва было наведванне крыніцы.

3-5 класы не засталіся ў баку: 2 чэрвеня яны адправіліся ў паломніцкую паездку ў г. Мінск. Падняцца давялося рана, каб паспець да споведзі і на Боскую літургію ў храм-помнік у гонар Усіх Святых. З большай увагай і цікавасцю наведалі крыпту храма, шмат новага даведаліся пра трагічныя падзеі роднай Беларусі. Трэба сказаць, што размова не была аднабаковай: экскурсавод задавала пытанні, і адказы нашых дзяцей на іх вельмі ўсцешылі. Прыклаліся да мошчаў, да цудатворных ікон.

Пасля спацыру па Верхнім горадзе наступным пунктам прыпынку быў Свята-Елісавецінскі манастыр. У гэтыя дні ў манастыры знаходзіліся мошчы (правіца) святой прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісаветы. Прыклаўшыся да святыні, адправіліся на экскурсію па манастыры. На шляху дамоў арганізатар паездкі Ірына Гез правяла гульню і ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі.

Паломніцкія паездкі далі магчымасць дзецям не толькі ўзбагаціцца духоўна, згуртавацца, бо ва ўсіх наперадзе вялікія летнія вакацыі. Але мы з нецярпеннем чакаем сустрэчы на дзіцячым злёце ў ліпені.

Дар’я Санюкевіч, Жанна Літвінёнак, фота: Аляксей Бярнацкі ды інш.

Яшчэ фота на google.photo.com