Моладзь з Мінска пабывала ў гасцях у Свята-Сафійскага брацтва Пакроўскага сабора

Падыходзіць да канца сырная нядзеля. На календары 29 лютага 2020 года. Дзень, які прыходзіць да нас раз на чатыры гады і заўсёды запамінаецца надоўга. Для Свята-Сафійскага маладзёвага брацтва Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна ён таксама не стаў выключэннем. Роўна ў 8:30 раніцы маладзёвая група сустракала гасцей з Мінска. У гэты апошні дзень зімы Гродзенскую зямлю наведаў маладзёвы рух “AGIOS” сумесна з дзіцячай капэлай Усіхсвяцкага храма г. Мінска. Такі ранні прыезд гасцей прадвызначыў толькі адно – гэта будзе самы прадукцыйны і энергічны дзень!

Ранкам – літургія, экскурсія ў Каложскую Барысаглебскую царкву, экскурсіі ў музей гісторыі рэлігіі і па горадзе; у абед – трапеза і экскурсія ў Свята-Ражства-Багародзіцкім стаўрапігіяльным жаночым манастыры, а пасля катанне на каньках; у поўдзень – масленічнае гулянне ў леса-паркавай зоне “Пышкі”; вечарам – трапеза і творча-музычная праграма ў актавай зале Пакроўскага сабора.



У часе наведвання жаночага манастыра і Каложы дзіцячай капэлай былі выкананы набажэнскія песнаспевы: “Достойно есть”, “Трисвятое”, “Взбранной Воеводе”, “Царице моя Преблагая”. Добрае слова гасцям з Мінска было сказана настаяцелем Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэем Георгіем Роем і кіраўніком Свята-Сафійскага маладзёвага брацтва іерэем Аляксіем Саўко.

Пасля вячэры хор дзіцячай капэлы арганізаваў святочны міні-канцэрт. Завяршылася канцэртная частка музычна-творчым вечарам, на якім Сафійскае брацтва і маладзёвы рух “AGIOS” злучыліся ў адзінае цэлае, паказаўшы адзін аднаму свае таленты! У канцы ўсяго мерапрыемства дзеці зрабілі сумеснае фота, каб запомніць гэты дзень на доўгія гады жыцця.

 

Ад усёй душы мы дзякуем за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы гасцей сястрыцтва Пакроўскага сабора. А завяршыць хочацца словамі Барона Мюнхгаўзена: “Усміхайцеся сябры, усміхайцеся”.

Лізавета ЛАЗАРАВА​