У дзень ушанавання Маці Божай дзеля іконы Яе “Няўпіўная Чаша” братчыкі таварыства цвярозасці “Пакроўскае” далі зарокі цвярозасці

18 мая 2020, у дзень ушанавання Маці Божай дзеля іконы Яе “Няўпіўная Чаша” і мучаніцы Ірыны, у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна чацвёра братоў і сясцёр праваслаўнага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” пры малітоўнай падтрымцы родных, блізкіх і прыхаджанаў храма прынеслі Госпаду зарокі цвярозасці тэрмінам на 1 год. Адзін з братоў даў зарок упершыню, тэрмінам на 6 месяцаў.

Літургію адслужыў каардынатар Гродзенскай епархіі па працы з алкаголе- і нарказалежнымі людзьмі, клірык храма іерэй Павел Каспяровіч. Малебен за тых, хто пакутуе ад хваробаў вінапіцця і наркаманіі, узначаліў духаўнік прыходскага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” іерэй Міхаіл Перац.

Айцец Міхаіл адзначыў, што пасля таго, як чалавек сустрэў Хрыста, важна следаваць за Ім і трымацца Яго запаведзяў.

Праваслаўнае таварыства цвярозасці “Пакроўскае” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы г. Гродна пачало сваю працу 12 лістапада 2011. Таварыства стваралася па ініцыятыве людзей, што пакутуюць ад алкагалізму.

Сведчанне пра цвярозы лад жыцця ёсць адным з пунктаў праграмы рэабілітацыі ПТЦ “Пакроўскае”.

Мікалай БАЙДА